«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»

(«БНЦ»),

сфабрыкаваная ў 1933 АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой, М.П.Бурсевічам, І.С.Дварчаніным, Ф.І.Валынцом, П.П.Валошыным, Я.Е.Гаўрылікам і інш., якія ў вер.кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССР сав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел. бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.

У.М.Міхнюк.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)